ГорячиеЗмагары

Котлеты из пушечного мяса: оппоресурс внезапно опубликовал всю правду о полке Калиновского

«Белсат» — помойка еще та, но сегодня она всех удивила. Потому что вывалила на своем сайте интервью с несколькими экс-бойцами полка Калиновского, которые рассказали о своей службе такие ужасы, что у нормального человека волосья дыбом. В общем, мы не смогли пройти мимо этого идеологического разгрома и решили преступить через брезгливость к польскому ресурсу и перепечатать статью. Очень уж она замечательная и прекрасно демонстрирует творящееся в стане змагаров. К сожалению, она на белорусском языке, но тем, кто им не владеет – перевести будет не сложно, переводчик есть во всех браузерах.

Байцы-каліноўцы, якія з’ехалі з Украіны, выказваюць незадавальненне камандаваннем штабу палка імя Кастуся Каліноўскага. Закідаюць яму «губазікаўскія метады», хапужніцтва, зняважлівае стаўленне да простых байцоў. Усё гэта, на думку былых байцоў палка імя Каліноўскага, стварае невыносную атмасферу, праз што полк пачынае губляць ваяроў. «Белсат» паразмаўляў з былымі байцамі і вайсковым экспертам. Публікуем таксама адказ прэс-службы палка імя Каліноўскага.

«Мы для іх – пушачнае мяса»

«Ад таго палымянага энтузіяста, якім я ехаў ваяваць ва Украіну, нічога не засталося. Нічога. Я вельмі расчараваны», – кажа былы баец батальёну «Волат» палка імя Каліноўскага, які тыдзень таму вярнуўся з Украіны (захоўваем ягоную ананімнасць).

Ён падкрэслівае, што справа не ў пабрацімах, якія выконваюць са зброяй у руках баявыя задачы і штодзень рызыкуюць жыццём. Гнятлівая атмасфера, на ягоную думку, ствараецца штабнікамі ў Кіеве.

Партрэт загінулага камандзіра батальёна «Волат» з пазыўным Брэст на акцыі памяці забітых беларускіх байцоў ва Украіне. Таллін, Эстонія. Фота: Diana Olesyuk / rus.delfi.ee

Былы баец кажа, што думкі зʼехаць «даўно хадзілі па галаве», але поплеч з такім камандзірам, як Брэст (Іван Марчук – камандзір батальёна «Волат», які загінуў 26 чэрвеня ў баі пад Лісічанскам), можна было ваяваць аж да перамогі. А калі Брэста не стала, не засталося і маральнага падтрымання.

«Была вялікая сямʼя. А Брэста не стала – і пайшлі дзяліць уладу», – гаворыць наш суразмоўца. Кажа, што не ведае, хто цяпер камандуе батальёнам «Волат».

Са словаў мужчыны, у палку шмат незадаволеных, многія байцы не вытрымліваюць і зʼязджаюць. Паводле ягоных падлікаў, цягам апошняга месяца колькасць байцоў пачала скарачацца: цяпер там не больш за 150 «баявых хлопцаў». І гэта, з ягоных словаў, ніяк не цягне на «полк». Мужчына выказвае меркаванне, што ператварэнне батальёну ў «полк» было толькі піяр-ходам, «каб больш данацілі і можна было больш патрабаваць грошай з фондаў».

«Пачала паступаць інфармацыя, якімі сумамі яны там варочаюць у штабе. І такое ўражанне складалася, што мы для іх толькі пушачнае мяса, біямаса, якая дае ім магчымасць зарабляць. Чым нас больш – тым больш яны атрымліваюць данатаў», – кажа былы баец палка Каліноўскага.

Пра «дзесяціну» з заробкаў

Расказвае, што незадавальненне ў многіх выклікае сістэма пабораў у выглядзе «дзесяціны»: кожны баец палка мусіць адлічваць штомесяц на адмысловы штабны рахунак 10 % са свайго заробку (заробак – 56 тыс. грыўняў). Прызначэнне плацяжу: ахвяраванне на статутную дзейнасць. У штабе тлумачылі, што грошы ідуць семʼям загінулых байцоў. Наш суразмоўца сэнсу ў гэтым не бачыць, бо семʼям загінулых, паводле пастановы Кабінету Міністраў Украіны ад 28 лютага, прадугледжаная выплата 15 млн грыўняў.

Сцвярджае, што супраць такой «дзесяціны» выказваўся ў свой час і камандзір Брэст. Ва ўкраінскіх падраздзяленнях, паводле інфармацыі былога байца, такой «дзесяціны» з вайскоўцаў не бяруць.

Асабістая зброя ў руках байца палка імя Кастуся Каліноўскага. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Былы баец батальёну «Волат» сцвярджае, што Брэст увесь час дамагаўся справаздачаў са штабу: колькі атрымана данатаў, колькі амуніцыі, зброі ды іншай дапамогі. Але так і не пабачыў іх. Гаворыць, што смерць Брэста выклікала шмат пытанняў у аднапалчанаў. Бо прадстаўнікі ЗСУ, якія прыязджалі ў батальён пасля гібелі Брэста (пад Лісічанскам загінулі яшчэ трое беларусаў, двое трапілі ў палон), казалі, што ставілі перад штабам іншую задачу, і гэта, маўляў, штаб нешта перакруціў.

«Ці ЗСУ перакладае віну за гібель хлопцаў на нашых штабных, ці гэта штабныя насамрэч змянілі задачу, невядома. Але ўзнікаюць думкі, што яго проста кінулі на пагібель, бо ён ім ставіў палкі ў колы», – выказвае меркаванне былы баец палка.

«Нагадвае пакаянныя ролікі «губазікаў»

Былы баец распавядае таксама, што ўсіх у падраздзяленні шакаваў інцыдэнт у Адэсе, калі камандаванне палка Каліноўскага ўчыніла разборкі з прадстаўнікамі атраду «Ліцвін».

«Калі паказалі відэа, то гэта нагадвала пакаянныя ролікі. Пад руляй аўтамата. Мы абмяркоўвалі гэта. Чаму яны туды паехалі – КітВаніш? Хто ім дазволіў? Чаму нейкі тэрмін на выпраўленне не далі тым хлопцам, каб самі ўсё перадалі?» – ставіць пытанні былы баец палка.

Вучэбка: «Дзедаўшчына ўперамешку з устаўшчынай»

Узгадвае таксама, што да таго, як трапіць у батальён «Волат», два тыдні правёў у вучэбным падраздзяленні ў Кіеве, у якім «панавала дзедаўшчына ўперамешку з устаўшчынай». Кажа, што навабранцаў там запалохвалі і прыніжалі, многія з-за гэтага зʼязджалі, не дачакаўшыся кантрактаў і вайсковых білетаў.

Прыкладам, 20-гадовага былога палітвязня праз недахоп людзей ставілі ў каравул содні праз содні. Калі ўшчэнт стомлены навабранец уначы, падчас змены каравулу, не зняў ражок, даслаў патрон у патроннік і стрэліў (абышлося без ахвяраў і наступстваў) – быў пакараны не гаўптвахтай, а публічным прыніжэннем. Яму загадалі содні хадзіць у брані з шыльдачкай, на якой было напісана крыўднае слова. Хлопец адмовіўся і зʼехаў.

Нашыўка з гербам палка імя Кастуся Каліноўскага і сцягам Украіны. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Наш суразмоўца запэўнівае, што віна ў здарэнні была не навабранца, а камандзіраў, якія не праводзілі нават інструктажаў. Не было таксама разводных.

Былы палітвязень Ціхан Клюкач пацвердзіў «Белсату», што падобная гісторыя ў вучэбным падраздзяленні палка Каліноўскага здарылася з ім: ён «выбраў годнасць» і сышоў з палка.

Яшчэ аднаго хлопца за невялікую правіну прымусілі хадзіць содні з дзіцячым водным аўтаматам замест баявога. Той таксама пакінуў падраздзяленне.

«Пра які баявы дух можна казаць пасля такога? Жудасць нейкая. Усё навучанне там – гэта толькі зневажанне. Многія не вытрымлівалі і зʼязджалі менавіта з-за гэтага», – гаворыць былы баец палка Каліноўскага. Кажа, што ў «Волаце» за пару дзён навучыўся ўсяму таму, чаму не маглі навучыць у «вучэбцы» за некалькі тыдняў, бо, на ягоны погляд, там працуюць не заўсёды дасведчаныя і кампетэнтныя інструктары.

«Хочаш такую армію ў вольнай Беларусі?»

Яшчэ адзін экс-баец палка – Юрый – расказвае пра выпадак, які здарыўся яшчэ ў сакавіку 2022-га.

Юрый прыехаў ва Украіну 9 сакавіка, а 13-га яго і яшчэ траіх байцоў паслалі на першае баявое дзяжурства – ахоўваць шпіталь № 7 у Кіеве, куды прывозілі параненых і забітых. Стаялі на блокпасту, патрулявалі ўскраіну лесу, які цягнуўся ў бок Ірпіня і Бучы. Як кажа, з амуніцыяй і формай тады было яшчэ кепска: бронекамізэлек – нуль, адна каска на чацвярых.

Атрымалася так, што пасля 24 гадзінаў дзяжурства іх ніхто не змяніў. Калі прайшло яшчэ 4 гадзіны, Юрый напісаў абуральнае паведамленне ў закрытым, як сцвярджае, чаце. Маўляў, хопіць запісваць відосікі – час папрацаваць: «Выдалі а палове на сёмую ствалы і забыліся на нас?» Як распавядае, праз хвілін 40 прыехалі дзве машыны, забралі хлопцаў, а ў яго забралі аўтамат і збілі. Юрый кажа, што супраціўляцца не мела сэнсу. Збіваў Арцём Войніч з пазыўным Ваніш. Ён жа прапанаваў запісаць пакаяннае відэа.

Акцыя памяці ў гонар забітых беларускіх байцоў на вайне ва Украіне. Таллін, Эстонія. Фота: Diana Olesyuk / rus.delfi.ee

«Потым пасадзілі ў машыну. І я скажу, што, калі ехаў з імі ў машыне, – гэта быў самы страшны момант у маім жыцці. Праўда. Я не ведаў, куды яны мяне вязуць. У лес?.. Ад іх можна было чакаць усяго», – расказвае Юрый.

Як кажа, у месцы размяшчэння, куды яго прывезлі, ён сабраў свае рэчы, потым яго адвялі да начальніка службы бяспекі Кабанчука з пазыўным Ігар.

«Я запытаў у яго: «Ігар, ты хочаш такую зладзіць армію ў вольнай Беларусі?» Ён адказаў: «Гэта вайна». І адвярнуўся», – расказвае Юрый.

Фактар Боцмана?

Суразмоўца «Белсату» Юрый. Фота прапанаванае рэдакцыі

Юрый сцвярджае, што з многімі людзьмі са штабу палка ён знаёмы асабіста. У свой час Юрый быў у ініцыятыўнай групе, якая зарганізавала Беларускі дом ва Украіне (БДУ). Пасля забойства старшыні БДУ Віталя Шышова зʼехаў з Украіны і вярнуўся туды толькі на пачатку вайны. Але праслужыў усяго пяць дзён. Пасля інцыдэнту на баявым дзяжурстве зʼехаў адтуль назаўжды.

«Я лічу, што апраўдваць усё вайной нельга. Гэта няправільна. Ёсць законы, і яны павінны выконвацца. У мяне запыталіся тады, ці хачу я застацца. Я кажу: як застацца? Чакаць стрэлу ў спіну за лішняе пытанне ці слова?..» – гаворыць Юрый.

«Адразу вырашыў, што не буду нічога нікому распавядаць. Навошта разбураць гэтую «дзвіжуху»: а раптам нешта класнае атрымаецца? Хоць сумненні былі. А потым, калі пачалі даходзіць іншыя расказы, а пасля здарыўся выпадак у Адэсе, я напісаў Радзівону Батуліну ў «Інстаграм»: можа, маўляў, гэта падобна да метадаў ГУБАЗу? Той вельмі абурыўся: ты што, параўноўваеш нас з ГУБАЗам? Але ж…» – кажа Юрый.

Ён сцвярджае, што некаторыя людзі, якія сядзяць у штабе, у прыватнасці начштабу Арцём Войніч (Ваніш), – гэта людзі, блізкія да Сяргея Кароткіх (Боцман), вядомага сваймі метадамі абагачэння і развязвання пытанняў. І ў гэтым – вялікая праблема палка.

Сяргей Кароткіх, які ваяваў у складзе батальёну «Азоў», атрымаў грамадзянства з рук прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе.

«Мы павінны ведаць, што такімі метадамі, якія практыкуе штаб палка, іх так званая «метэаслужба» (унутраная контрвыведка), вельмі падобная да «метэаслужбы» Кароткіх, нічога годнага не зробіш. Такія людзі не павінны мець ніякага ўплыву на розумы беларусаў. Я не адмаўляю асабістай мужнасці кожнага з іх, але гэта не робіць іх святымі. Калі чалавек прывык развязваць праблемы не ў прававым полі, а ў полі прастрэленага калена – выбачайце. Ён не памяняецца», – мяркуе наш суразмоўца.

«Праўду заўжды трэба казаць. Інакш зноў атрымаем новага Лукашэнку. Калі будзем заплюшчваць вочы на тое, што падаецца камусьці дробяззю, – аднаму далі поўху, іншага адвялі ў падвал, а трэцяга ўжо ў лес павезлі – то што потым?» – падсумоўвае Юрый.

Мужчына мяркуе, што пасля гэтых прызнанняў ён аўтаматычна зробіцца для штабу палка «супрацоўнікам КДБ ці нават ФСБ», «агентам Ціханоўскай, Латушкі ці якой Карач», але «чуў гэта ўжо столькі разоў, што – напляваць». Беларусы павінны ведаць усю праўду, кажа.

Што адказала прэс-служба палка імя Каліноўскага

«Белсат» звярнуўся ў прэс-службу палка імя Кастуся Каліноўскага з пытаннямі, датычнымі заяваў былых байцоў падраздзялення. Адказы прэс-службы публікуем без купюраў.

«Белсат»: Былыя байцы кажуць, што з палка Каліноўскага з’язджае шмат людзей і што колькасць асабістага складу апошнім часам пачала змяншацца. Ці праўда гэта? Якая колькасць байцоў на сёння?

– Інфармацыя аб колькасным складзе байцоў ваенных падраздзяленняў ЗСУ, а, такім чынам, і нашага палка з меркаванняў бяспекі не агалошваецца і з’яўляецца сакрэтнай.

Хочам засведчыць, што ў самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну беларусы масава выказвалі жаданне далучыцца да батальёну. У бот штодзённа дасылаліся дзясяткі заяваў ад жадаючых. Натуральна, што калі ваенны канфлікт зацягнуўся, заявак, чакана, стала крыху меней.

Рэкрутацыйны цэнтр для беларусаў, гатовых змагацца за незалежнасць Украіны. Варшава, Польшча. Фота: Карына Пашко / Белсат

Аднак, можам зазначыць: колькасць жадаючых уступіць у полк на дадзены момант застаецца дастаткова вялікай. Яна цалкам сувымерная з магчымасцямі палку па прыняццю, падрыхтоўцы і інтэграцыі добраахвотнікаў.

Асабісты склад палка ўвесь час існавання павялічваецца. Да таго ж – становіцца больш прафесійным: да нас далучаюцца матываваныя людзі, якія адэкватна ацэньваюць свае магчымасці і матывацыю.

Безумоўна, ёсць выпадкі, калі байцы прымаюць рашэнне пакінуць полк. Прычыны і падставы самыя розныя: нехта сыходзіць па сямейных ці іншых асабістых абставінах, хтосьці не вытрымлівае патрабаванняў да падрыхтоўкі, некаторым патрэбны час адпачыць ад вайны.

– Распавядаюць, што некаторыя зʼязджаюць яшчэ з кіеўскай «вучэбкі», дзе спазнаюць прыніжэнні і дзедаўшчыну: шыльдачкі са зняважлівым надпісам на брані, дзіцячая водная зброя замест баявой у якасці пакарання за правіны. Як бы вы гэта пракаментавалі?

– Спецыфіка добраахвотнай вайсковай структуры такая, што бывае, да нас прыязджаюць людзі, далёкія ад разумення асаблівасцяў вайсковай службы. Агульнапрыняты ваенны рэгламент яны ўспрымаюць як замах на іх свабоду і асабістасць. Гэта выклікае праблемы субардынацыі, адказнасці і гатоўнасці ўспрымаць пакаранні, рэгламентаваныя згодна са статутам ЗСУ, за здзейсненыя ўчынкі і правіны.

Маем надзею, што яны знойдуць сябе ў іншай сферы дзейнасці на карысць Вольнай Беларусі і Украіны.

Што да гісторый з цацачным пісталетам і надпісам на бронекамізэльцы, то зазначым: яны мелі пад сабой канкрэтныя перадгісторыі.

1) Баец навучальнай роты здзейсніў правіну: па яго віне ўначы адбыўся некантралюемы спуск з аўтамата – так званы «самастрэл». Правіна дурная – пакаранне адпаведнае. На бронекамізэльцы байца на адзін дзень зʼявіўся бяскрыўдны надпіс: «Спытай, чаму я ў бронежылеце».

2) Парушэнне воінскай дысцыпліны, самавольныя выхады ў краму са зброяй. Хочаш быць па форме на «грамадзянцы»? Тады атрымлівай не баявую зброю, а цацачны пісталет.

– Ці сапраўды байцы вымушаныя пералічваць на штабны рахунак 10 % з сваіх заробкаў. На што ідуць гэтыя грошы? Ці існуе сістэма справаздачы за «дзесяціну», і калі так, то хто мае магчымасць яе бачыць?

– Па-першае, гэта не штабны рахунак, а ўнутраны фонд палка, з ініцыятывай стварэння якога выступілі самі добраахвотнікі. Падкрэслім: адлічэнні ў гэты фонд робяцца выключна на добраахвотнай аснове. Менавіта з гэтага фонду ідуць грошы на дапамогу параненым байцам.

Беларускі вайсковец палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг паказвае пратэз для нагі. Кіеў, Украіна. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Справа ў тым, што выплаты ад ЗСУ могуць паступіць на працягу трох гадоў, а сродкі на лячэнне і рэабілітацыю патрэбны тут і сёння. Усе, хто пераводзіў грошы ва ўнутраны фонд палка, маюць прамы доступ да падрабязнай справаздачы.

– Былыя байцы наракаюць на тое, што метады развязвання праблемаў кіраўніцтвам штабу нагадваюць метады беларускага ГУБАЗіКу – гвалт і пакаяннае відэа пад дулам аўтамата. Згадваюць інцыдэнт у Адэсе. І звязваюць гэта з тым, што штабам кіруюць людзі, блізкія да Сяргея Кароткіх, вядомага як Боцман. Ці мае гэты чалавек уплыў на рашэнні і стыль развязвання праблемаў штабам?

– Часам такія закіды нават не хочацца каментаваць з-за іх беспадстаўнасці і адсутнасці якой-кольвек сувязі з рэчаіснасцю. Але праяснім: у штабе палка няма ніводнага чалавека, які нейкім чынам звязаны з Сяргеем Кароткіх. «Пакаянныя відэа пад дулам аўтамата» – чыстай вады паклёп і фэйк. А аб так званым «адэскім інцыдэнце», сутнасць якога наўмысна была скажоная некаторымі медыямі, вы можаце пагаварыць, напрыклад, з камандзірам Адэскага атраду і яго чальцамі, з якім мы засталіся ў добрых адносінах.

– Большасць жаўнераў палка Каліноўскага не мае вайсковай падрыхтоўкі. Ці вядзецца акрамя вайсковай падрыхтоўкі адпаведная псіхалагічная падрыхтоўчая праца? Калі так, то якая?

– Афіцыйна заяўляем: мы ніколі не накіроўваем на баявыя заданні непадрыхтаваных людзей.

У палку ёсць навучальная рота, праз якую праходзяць усе навабранцы. Заняткі з байцамі праводзяць дасведчаныя інструктары Збройных сілаў Украіны. Штотыдзень на базу прыязджаюць прафесійныя вайсковыя псіхолагі, якія праводзяць заняткі і трэнінгі з байцамі палка. У кожнага добраахвотніка ёсць магчымасць пры патрэбе звярнуцца да псіхатэрапеўта».

– Пракаментуйце, калі ласка, інфармацыю ад былых службоўцаў палка пра тое, што полк Каліноўскага трэнуюць непрафесійныя інструктары.

– Заява больш чым беспадстаўная і несправядлівая. Сярод нашых інструктараў ёсць, напрыклад, інструктар NATO з 30-гадовым досведам, які ўключае і досвед вайны ў Афганістане. Маюцца людзі з вопытам, набытым у Французскім замежным легіёне, і іншыя прафесіяналы найвышэйшага класу. Ёсць шмат прафесійных інструктараў са структуры ГУР Украіны. З часткай іх вы маглі пазнаёміцца на відэа з афіцыйных старонак палка, што яскрава абвяргае падобныя плёткі і інсінуацыі.

Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага Дзяніс з пазыўным Кіт. Кіеў, Украіна. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

– Адзін з байцоў сцвярджае, што ў сакавіку ён быў беспадстаўна збіты іншым байцом Арцёмам Войнічам з пазыўным Ваніш. Ён сцвярджае, што рапартаваў пра гэты інцыдэнт начальніку службы бяспекі Кабанчуку з пазыўным Ігар. Ці праводзілася нейкая ўнутраная праверка гэтага здарэння? Ці былі якія вынікі разбіральніцтва?

– Хочам нагадаць, што полк Каліноўскага, акрамя іншага, гэта чыста мужчынскі калектыў, дзе ўпершыню апынуліся разам людзі рознага ўзросту, прафесій, жыццёвага досведу і нават краін. Таму міжасобасныя канфлікты зрэдчас здараюцца і могуць вырашацца не заўсёды шляхам перамоваў. Мы ведаем поўную храналогію канфлікту з «беспадстаўна збітым», маем скрыны перапіскі і іншыя доказы, якія могуць праясніць сапраўдныя падставы інцыдэнту. Але з байцамі працуюць псіхолагі, кіраўніцтва палку прыкладае высілкі па тымбілдынгу і стварэнні ў батальёнах духу пабрацімства, узаемапавагі, даверу, каб звесці падобныя інцыдэнты да мінімуму.

– Просім пракаментаваць інфармацыю аднаго з байцоў палка Каліноўскага пра тое, што ЗСУ ставілі камандаванню палка Каліноўскага адну задачу пад Лісічанскам, а камандаванне палка самастойна змяніла гэтую задачу і рабіла нешта зусім іншае. Гаворка пра бой, у якім загінулі чацвёра байцоў-беларусаў, а двое былі ўзятыя ў палон.

– Гэта чысты фэйк. Абвергнуць чуткі, якія распаўсюджваюць у сувязі з гэтай баявой задачай, могуць байцы палка, якія асабіста непасрэдна ўдзельнічалі ў аперацыі, і гэта было б найлепшым адказам на пытанне.

– Як з палком Каліноўскага звязаны Сяргей (Боцман) Кароткіх? Якую функцыю ў фармаванні ён выконвае?

– Хочам падкрэсліць: Сяргей Кароткіх не мае ніякіх адносінаў да палка Каліноўскага, не займае ніякіх пасадаў у структурных падраздзяленнях і, адпаведна, ніякага ўплыву на дзейнасць фармавання не аказвае. Мы перакананыя, што большасць «каліноўцаў» нават не ведае пра існаванне дадзенай асобы, не кажучы пра яго ўплыў на полк ці нейкія працэсы ў ім.

У заключэнне хочам адзначыць, што большая частка пытанняў засноўваецца на нічым не пацверджаных чутках. Мы далі свае каментарыі выключна для таго, каб не ўзнікла адчування, што нам няма чаго сказаць з гэтай нагоды.

Варта ўлічыць, што людзі, якія пакінулі шэрагі палка Каліноўскага, чыімі інсайдамі часта карыстаюцца журналісты, не заўсёды валодаюць фактычнай інфармацыяй аб тым, што адбываецца ў падраздзяленні.

Нашыўкі з украінскім сцягам, эмблемай палка імя Кастуся Каліноўскага і бел-чырвона-белым сцягам. Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Тыя ж, хто былі вымушаныя сысці з палка ў выніку парушэнняў правілаў праходжання службы, могуць трымаць крыўду на былых таварышаў па службе і на камандаванне і наўмысна скажаць факты.

Такім чынам, мы лічым, што пытанні, у аснове якіх ляжаць не пацверджаныя факты, а сумнеўныя здагадкі, выглядаюць вельмі несурʼёзнымі.

Польскі генерал: Прыніжэнні ў войску – гэта паталогія

Доктар вайсковых навук, генерал дывізіі паветранага дэсанту Польскага войску Роман Полька (Roman Polko) у каментары «Белсату» заўважае, што ў арміі могуць ужывацца розныя, часта вельмі супярэчлівыя метады навучання і пакарання. Узгадвае, што калі праходзіў курсы ў 75-м рэйнджарскім палку Арміі ЗША, быў караны і адцісканнямі, і поўзаннем па гразі і пяску ды іншымі «практыкаваннямі».

«Але гэта было часткай гульні. Я ніколі не адчуваў прыніжэння сваёй годнасці. Камандзіры выпрабоўвалі межы нашых магчымасцяў і рабілі тое, што з’ядноўвала каманду», – кажа эксперт.

На ягоны погляд, знявага годнасці, прыніжэнне і высмейванне – гэта перажытак мінулай эпохі.

«Гэта паталогія, якая, як мы бачым падчас цяперашняй расейскай агрэсіі, дагэтуль жыве ў расейскай арміі. Ніводная сучасная армія такія паводзіны не прымае. Тым больш – падчас вайны», – падкрэсліў Роман Полька.

Польскі генерал таксама заўважае, што падзел і антаганізм паміж «байцамі» і «штабнікамі» ў вайсковым падраздзяленні – зʼява, больш характэрная для мірнага часу. Кажа, што ў польскім спецпадраздзяленні «GROM», якім ён камандаваў у 2000–2004 гадах, увесь час вяліся спрэчкі паміж аднымі і другімі. Чаму, напрыклад, службоўцы штабу і забеспячэння маюць такія ж самыя надбаўкі, як і жаўнеры спецпрызначэння. Не дапамагалі прыклады, якія генерал прыводзіў з амаль двухгадовага ваеннага досведу на тэрыторыі былой Югаславіі.

«Толькі дзеянні ў Іраку і Афганістане змянілі падыход маіх падначаленых. Забеспячэнец, лекар, штабовец пад агнём дастаўлялі боепрыпасы, дапамагалі параненым, падказвалі тактычныя рашэнні і ратавалі з перадавой тых самых байцоў спецпрызначэння, калі траплялі ў цяжкае становішча», – кажа эксперт.

Толькі там, пад агнём, усе спрэчкі знікаюць і межы сціраюцца – і кожны гатовы замяніць і ратаваць кожнага, кажа генерал Полька.

Генерал таксама заўважае, што беларусы могуць ганарыцца сваймі жаўнерамі палка імя Кастуся Каліноўскага, якія ідуць на вялікія ахвяры, змагаючыся не толькі за сваю незалежнасць, але і за незалежнасць Украіны. «Пра полк Кастуся Каліноўскага ведае сёння ўвесь свет», – падкрэсліў Роман Полька.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»